Subject:
текст (с правками) и фото
From:
МВД Республики Беларусь <uiosmvd@yandex.by>
Date:
10/12/20, 11:29 AM
To:
"valeriya_stetsko@mail.ru" <valeriya_stetsko@mail.ru>

Вольга Чамаданава: “Я павінна быць прыкладам для сваіх дзяцей”
На сямейнай і працоўнай перадавой 
Паспець усюды і дасягнуць поспеху ва ўсім – дэвіз сучасных людзей. Наколькі гэта магчыма – пытанне рытарычнае. Асабліва, калі прыходзіцца аддаваць шмат увагі і сіл працы і сям’і. З нагоды Дня маці прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава расказала “Звяздзе”, як паспяхова сумясціць сям’ю і кар’еру. 
- Вольга, падзяліцеся калі ласка сакрэтам, як сумяшчаць мацярынства і працу, якая патрабуе шмат часу і сіл?
- Асаблівага сакрэту няма. Уся справа ў правільным размеркаванні асабістага і службовага часу. Калі ўмець гэтым упраўляць, ніхто не застанецца пакрыўджаным, ні дзеці, ні праца. Гэта залог поспеху сучаснай, прагрэсіўнай жанчыны, якая павінна быць не толькі добрай маці, але і адказным кіраўніком. Будзе няпраўдай, калі я скажу, што гэта проста. Правільна арганізаваць сваё жыццё, прытрымлівацца такога рытму – каласальная праца. І яна патрабуе пэўных намаганняў, жыццёвай мудрасці і ўнутранага стрыжню. 
- Як навучыцца кіраваць сваім часам?
- Як і любы іншы навык тайм-менеджмент развіваецца паступова. Сучасная жанчына павінна быць усебакова развітым чалавекам, першакласным спецыялістам, выдатнай мамай. Вельмі цяжка паставіць на вагі сям’ю і кар’еру. Тут не павінна быць першынства, хаця і сумяшчаць цяжка. Сёння ёсць усе ўмовы, каб развівацца па ўсім напрамкам. Самае галоўнае – не баяцца, не сумнявацца. Заўсёды трэба кіравацца перакананасцю ў сваіх унутраных сілах. 
- Гэта ваша прыроджаная якасць ці прыйшлося яе выхоўваць?
- Хутчэй, прыроджаная. Калі я прыйшла на службу ў 1999-ым годзе, многія мяне не разумелі, лічылі, што я раблю вялікую памылку. У той час жанчын вельмі неахвотна прымалі на службу. Асабліва хвалявала пытанне наконт дэкрэтнага адпачынку. Ускладняла сітуацыю і тое, што я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а не Акадэмію ўнутраных спраў.  Але я не пабаялася мужчынскай працы, адсутнасці вольнага часу, іншых цяжкасцяў. Я была шчыра ўпэўнена, што хачу і нават павінна служыць у органах унутраных спраў. Нешта мяне туды штурхала. Каб мне паверылі, што я буду аддана служыць, прыйшлося зрабіць амаль немагчымае. Я ўпэўніла ўсіх, што апраўдаю дадзены мне шанец. І да гэтага часу мной рухае мая настойлівасць і мэтанакіраванасць. 
- Напэўна, на гэтым шляху прыйшлося нялёгка?
- Я адразу для сябе вырашыла, што першыя гады трэба працаваць для ўсяго і ўсіх, а потым ужо аўтарытэт пачне працаваць на мяне. У органах унутраных спраў шмат розных напрамкаў дзейнасці. Можна ўвогуле не выходзіць з кабінету, пастаянна працуючы з дакументамі. Для жанчыны гэта аптымальны варыянт. Але не ў маім выпадку. Я працавала ўчастковым інспектарам, інспектарам па справах непаўналетніх, была кіраўніком розных аддзяленняў міліцыі. Мая служба амаль ніколі не была звязана з кабінетам, а толькі з лёсамі людзей. Канешне, гэта цяжка і фізічна, і псіхалагічна. 
- Настаўнікі ці аднакласнікі здзіўляюцца, калі вашы дзеці кажуць, што мама – міліцыянер?
 
- Было такое, мама і тата – палкоўнікі міліцыі не зусім традыцыйная сям’я. Самі дзеці ставяцца да гэтага спакойна. Выхаванне дзіцяці азначае не толькі закрыццё яго сацыяльных і матэрыяльных патрэб. Гэта яшчэ і фарміраванне яго адносін да сябе як асобы, да грамадства, да свайго прызначэння ў свеце. І бацькі павінны паказваць прыклад, бо дзеці ўбіраюць усё як губка.  Яны капіруюць бацькоў, ад гэтага нікуды не схавацца. Да, бацькі, якія працуюць, не могуць прысвячаць дзецям столькі часу, колькі б усім хацелася. Але патрэбна паказваць, што дзеці для іх вельмі важныя, цікавыя. Галоўнае адразу запусціць традыцыю даверлівых і паважлівых зносін паміж бацькамі і дзецьмі. І тады сям’я будзе моцнай. 
- Раскажыце калі ласка пра свае сямейныя традыцыі?
- Мы павінны хаця б адзін дзень на тыдзень правесці разам, з’ездзіць у вёску, абмеркаваць навіны за тыдзень. Наша традыцыя – штогод планаваць адпачынак, прапаноўваць розныя ідэі і варыянты яго арганізацыі. Зімой абавязкова ездзім катацца на лыжах, на санках. Для нашай сям’і галоўная традыцыя – разам праводзіць час. 
- Вашы бацькі паўплывалі на выбар прафесіі?
- Я старэйшая ў сям’і і заўсёды была самастойнай, сама ішла да сваіх мэтаў. Бацькі ніколі мне не перашкаджалі. Я з імі раілася, яны выказвалі сваё меркаванне, але канчатковае рашэнне я прымала сама. Лічу правільным самой несці адказнасць за свой выбар. Патэнцыял жанчыны бязмежны, мне здаецца, яна можа ўсё. Самае галоўнае – не зламацца, не падацца эмоцыям там, дзе гэта не трэба, шчыра любіць сваю працу. І весці за сабой  сваіх дзяцей. Я хачу, каб мае дзеці ганарылася тым, што я тут служыла. Хачу, каб яны на свае вочы бачылі, як насамрэч працуюць работнікі органаў унутраных спраў. Дзецям патрэбна часцей гаварыць, што ты ганарышся тым, што робіш, тады і ў іх усё атрымаецца. 
- Як вы лічыце, дзеці пойдуць па вашых слядах?
- Ім яшчэ рана рабіць канчатковы выбар. Я не выключаю, што яны захочуць звязаць сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў. Дакладна не буду гэтаму перашкаджаць, а толькі падтрымаю. Як бы цяжка мне не было, прафесія многаму мяне навучыла і сфарміравала мяне як чалавека. Вынослівасць, вытрымка, мэтанакіраванасць, жыццёвая мудрасць, адносіны да грамадства і жыццёвым каштоўнасцям у мяне з’явіліся, дзякуючы службе. Калі б не прайшла праз усе свае выпрабаванні, невядома, якой бы я была. Толькі ў цяжкіх сітуацыях можна чамусьці навучыцца. Я ганаруся, што 20 гадоў аддала абароне правоў дзяцей і іх прадстаўнікоў. Не магу пералічыць лёсаў, на якія давялося паўплываць. Сёння я не ўспомню пэўную грамату за службовыя дасягненні, але памятаю кожнае слова падзякі ад людзей. Гэта галоўны вынік службы і ўсіх намаганняў. І, канешне, мне як маці хочацца, каб мае дзеці маглі б перажыць штосьці падобнае. 
- Вольга, пасада прэс-сакратара Міністэрства ўнутраных спраў патрабуе ведання спецыфікі працы з журналістамі, сувязяў з грамадскасцю. Вам цяжка было з гэтым разабрацца?
- Не магу сказаць, што я прапрацавала год на пасадзе прэс-сакратара і мне адразу стала ўсе зразумела. Увесь час я вывучаю асаблівасці гэтай дзейнасці. У нечым мне прасцей, я дасканала ведаю працу міліцыянера. Гэта дапамагае мне ўзаемадзейнічаць з журналістамі. Я бачу поўную карціну і магу прадугледзець, як будзе развівацца сітуацыя. Ніколі не думала, што буду звязана з прэс-службай. Але я ўдзячна лёсу за такую магчымасць. Вялікая адказнасць прадстаўляць цэлае міністэрства. Патрэбна прымаць важныя рашэнні, рэагаваць, асабліва сёння, калі інфармацыйнае поле вельмі шырокае і насычанае не толькі рэальнымі навінамі, але і фэйкамі. 
 
- На ваш погляд, як трэба змагацца з фэйкавымі навінамі?
- А ці варта з імі змагацца, калі афіцыйныя крыніцы даюць праўдзівую інфармацыю. Яшчэ некалькі гадоў таму мы нават не ведалі такога паняцця як “фэйк”. А сёння іх вельмі шмат у сацыяльных сетках, у месенджерах. Мяне, як чалавека, які працуе з інфармацыяй, больш непакоіць, што наша моладзь слепа верыць гэтай неправеранай інфармацыі і распаўсюджвае яе. Мне ад гэтага балюча, хочацца, каб людзі больш верылі афіцыйнай інфармацыі. 
- Як з’явілася ідэя вашага асабістага тэлеграм-каналу?
- З самага пачатку я разумела, што як прэсс-сакратар я магу і павінна заяўляць, што адбываецца ў органах унутраных спраў, штосьці каментаваць, тлумачыць. Мне было важна паказаць, што міністэрства трымае руку на пульсе і не застаецца ўбаку. Я хацела, каб, расказваючы навіну, магла ад свайго імя яе пракаментаваць. Такім чынам я магу звярнуць увагу людзей, заклікаць іх падумаць. І так мне прасцей узаемадзейнічаць з журналістамі, яны могуць атрымаць мой каментар па тым ці іншым пытанні ў маім тэлеграм-канале.  Гэта эканоміць і іх, і мой час. 
- Па вашым вопыце працы ў інспекцыі па справах непаўналетніх, дзеці пападаюць у поле зроку міліцыі, таму што бацькі не даглядзелі?
- Я бы так не сказала. Падлетак шмат часу праводзіць у калектыве равеснікаў, якія моцна ўплываюць на яго погляды і меркаванне. І нават самым адказным і пільным бацькам складана гэта цалкам кантраляваць. Але аснова светапогляду, каштоўнасці, адносіны да свету фарміруюцца ў сям’і. Моцны стрыжань, закладзены бацькамі, не дасць падлетку нарабіць памылак. Галоўнае не ўпусціць момант. І падчас працы з падлеткамі таксама трэба працаваць і з іх бацькамі. Якімі б не былі нашы падлеткі, яны праз свой узрост асаблівыя, з няпоўнасцю складзеным светапоглядам, і бацькі нясуць за іх адказнасць. Нашы дзеці павінны ведаць гісторыю, каб цаніць сучаснасць і размець, якім павінна быць будучыня. 
- Вы звярталіся да бацькоў, якія бяруць дзяцей на акцыі пратэстаў. Зразумела, што малыя дзеці поўнасцю залежаць ад бацькоў. А што рабіць з падлеткамі, якія самі могуць туды пайсці?
- Так, часам бацькі нават не ведаюць, куды пайшоў падлетак. І ў такім выпадку трэба надзяліць асаблівую ўвагу яго матывам. Некаторыя ведаюць, куды яны ідуць і навошта. У такім выпадку размовы, папярэджанні будуць неэфектыўнымі, толькі адміністратыўная мера дапаможа. А ёсць тыя, хто не разумее, што яны робяць. Хватаць такога падлетка, везці яго ў РАУС і складаць пратакол нелагічна. У такім выпадку трэба размаўляць з бацькамі, выслухаць іх пазіцыю і растлумачыць наступствы для псіхікі дзіцяці. Мы змагаемся не за тое, каб скласці як мага больш пратаколаў, а каб забяспечыць бяспеку дзіцяці. І бацькі ў сваю чаргу павінны абараніць дзіця ад таго, што можа пашкодзіць іх псіхіцы і светапогляду. 
- А школа які ўклад у гэта ўносіць?
- Асноўная задача школы – даць веды, сфарміраваць культуру паводзін, у тым ліку і ў інтэрнэце, сёння гэта асобая культура. У школе дзеці павінны навучыцца паводзіць сябе ў грамадстве, прытрымлівацца пэўнага парадку. Фарміруючы веды і правілы паводзін, настаўнікі закладваюць у дзецях правільныя адносіны да сябе, прыроды, радзімы. Я ўсё жыццё буду ўдзячна сваёй настаўніцы, якая ўвесь школьны час укладвала ў мяне веды і тым самым рабіла з мяне чалавека. Але асноўнае выхаванне павінна ажыццяўляцца дома, гэта адказнасць бацькоў.
- Хіба сёння, калі ў кожнага ёсць свабодны доступ у інтэрнэт, дзяцей можна поўнасцю кантраляваць і абараніць ад шкоднага ўплыву?
- На жаль, поўнасцю іх агарадзіць немагчыма. Але абсалютна рэальна кантраляваць і назіраць за сваім дзіцём. Кожны бацька ці маці можа стаць бліжэй, пацікавіцца, чым дзіця занятая, што яго хвалюе. 
- Вольга, які ваш асноўны прынцып як маці?
- Я заўсёды павінна быць прыкладам для сваіх дзяцей. Як бы цяжка не было сумяшчаць ролю маці і кіраўніка, грамадскага дзеяча. Я не павінна быць перад сваімі дзецьмі слабай ці раздражнёнай. Яны павінны бачыць мяне моцнай і актыўнай. 
- Што вы можаце пажадаць усім матулям да Дня маці?
- Мама – гэта не проса цёплае слова. Яна змяшчае ў сабе шмат абавязкаў. І як бы цяжка не прыходзілася кожнай маме, я жадаю ўсім жанчынам заставацца ёю пры любым надвор’і, пры любых умовах. Маму ніхто ніколі не заменіць, толькі яна патрэбна дзіцяці. А якой мамай быць, кожная няхай вырашае для сябе – вытрыманай, эмацыянальнай, сумнай ці шчаслівай.
 
-- 
УИОС МВД Республики Беларусь
mvd.gov.by